Наша аналитика :: Культура

Разбурэнне драўлянай гістарычнай спадчыны

Паводле плана генеральнай рэканструкцыі Гомеля, драўляная забудова ў цэнтры горада (вуліцы Парыжскай камуны, Валатаўская, Арцёма, Карла Маркса) да 2015г. будзе знішчана. Замест унікальных драўляных дамоў др.пал.19ст.- пач.20 ст. паўстануць элітныя шматпавярховікі. Ці слушнае гэтае рашэнне? Ці можна захаваць драўляны куток горада?

 


Звернемся да гісторыі ўзнікнення гэтага раёна. Ён паўстаў напрыканцы 19 ст., калі Гомель перажываў прамысловы ўздым у сувязі з будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі. Гістарычна гэтая частка горада мела назву Свісток. На той час гэта быў элітны добра спланаваны раён, у якім сялілася гарадская эліта: чыноўнікі, афіцэры, прадпрымальнікі і, мяркуючы па назве, паліцэйскія чыны. Забудова за невялічкім выняткам была драўляная.

Андрэй Скідан, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці, лічыць, што найбольш адметным у драўлянай забудове Гомеля з’яўляецца аздабленне дамоў, т.зв. драўляны дэкор, які быў характэрны выключна для паўднёва-ўсходняй Гомельшчыны, т.зв. Ніжняга Пасожжа: “Ні на Гарадзеншчыне, ні на Віцебшчыне, ні ў цэнтральнай Беларусі мы не сустрэнем аналагічнай з’явы. Такое шыкоўнае, выкшталцонае, высокамастацкае аздабленне ваконных праёмаў характэрна толькі для пэўнай часткі Гомельскага рэгіёна”. У Гомелі, у раёне т.зв. Свістка мы знаходзім шматлікія ўзоры драўлянай разьбы, разнастайныя ўпрыгожванні вокнаў, карнізаў, ганкаў, уваходных брамаў. Слупавыя ганкі аздоблены каванымі ці драўлянымі дэкаратыўнымі казыркамі. Часткова захавалася клінкерная кладка маставой 1920-30-х гадоў.



Гэтыя дамы не лічацца помнікамі архітэктуры і адпаведна не ахоўваюцца дзяржавай. Гаспадары робяць усялякія прыбудовы, абкладваюць драўляныя дамы цэглай, абшываюць сайдынгам і з-за гэтага дамы губляюць свой першасны выгляд і, натуральна, сваю непаўторнасць. Але самае прыкрае, што гэты раён трапіў пад знос і пакрысе ўнікальныя драўляныя дамы пераўтвараюцца ў груды будаўнічага смецця.

На пачатку 1990-х гадоў Гомельскі савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне аб стварэнні гістарычнай зоны Гомеля і адпаведна аб забароне ўсялякага будаўніцтва ў яе межах. У распрацоўцы гэтага рашэння бралі ўдзел навукоўцы, гісторыкі, архітэктары. У межы гістарычнай зоны ўваходзіла тэрыторыя ад парка імя Луначарскага да цырка. Адпаведна драўляная забудова трапляла ў гэтую зону. Мінулі гады, і прагматычныя матывы ўзялі верх. У 2005г. быў прыняты новы генеральны план развіцця горада, адпаведна якому драўляная забудова ў цэнтры горада трапіла пад знос.



Матывацыя чыноўнікаў, канешна, зразумелая: хутка, без асаблівых намаганняў, атрымаць прыбытак, бо квадратны метр жылля ў цэнтры горада каштуе значна больш, чым у іншым раёне. Але ж трэба думаць і пра будучыню. Ці змогуць нашыя дзеці ўбачыць тое, што бачым зараз мы, а менавіта, як выглядаў горад 100-150 гадоў таму? Ці нельга зрабіць гэты раён прывабным для сваіх ды замежных турыстаў і адпаведна камерцыйна прывабным для патэнцыйных інвестараў?



Настаўніца гісторыі Наталля Маркевіч разважае: “Гэты раён варта было б захаваць як музей пад адкрытым небам: музей жыллёвай архітэктуры, рамёстваў (разьбы, кавальства). Дамы знаходзяцца ў добрым стане, нягледзячы на тое, што ім больш за сто год. У іх можна б было размясціць музейныя экспазіцыі, мастацкія гурткі ды майстэрні, дзе можна было б навучаць людзей разнастайным рамёствам. Такога кшталту музей для Гомельшчыны быў бы цалкам унікальным, бо апроч палаца Паскевіча, у Гомелі нічога адметнага ў архітэктуры практычна няма. Справа ў тым, што наш горад яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. быў заштатным, павятовым з пераважна аднапавярховай забудовай, у адрозненні, скажам, ад губернскага на той час Магілёва. Музей пад адкрытым небам у цэнтры Гомеля быў бы запатрабаваны і замежнымі турыстамі, бо палацаў у іх багата, а вось драўляны дэкор для іх цалкам унікальная з’ява”.



Гомельскія навукоўцы ды актывісты грамадскіх арганізацый робяць спробы ўратаваць драўляную спадчыну. Так, даследчык драўлянага дэкору, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў выступае ў СМІ са шматлікімі публікацыямі ў абарону драўлянай забудовы.



Цягам апошняга года актывісты грамадскай аргінізацыі ТБМ ладзяць пешыя экскурсіі па драўлянай забудове па маршруце вуліц Парыжская камуна, Арцёма, Валатаўской, Карла Маркса. Дзясяткі чалавек - пераважна гомельская моладзь - даведаліся пра драўляны дэкор. “Мы жывем у Гомелі, штодня ходзім паўз драўляныя дамы і не ўсведамляем, якую каштоўнасць яны ўяўляюць. Таму адна з мэтаў нашых экскурсій – гэта распавесці пра ўнікальнасць драўлянага дэкору Гомельшчыны і адпаведна данесці думку пра неабходнасць ягонага захавання”, – распавядае адзін з арганізатараў экскурсій Яўген Якавенка.



Намаганні гісторыкаў ды грамадскасці не марныя, бо ўлада ўсё ж такі іх пачула. Напрыканцы 2010г. адбылося пасяджэнне гарадской каардынацыйнай Рады па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. Упершыню за адным сталом сабраліся чыноўнікі, архітэктары ды навукоўцы, каб абмеркаваць спосабы ўратавання драўлянай забудовы не толькі цэнтра, але і горада ў цэлым. Гісторыкі дамагаюцца ўключэння найбольш адметных драўляных дамоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а надалей стварэння Старога горада (музейны комплекс гарадской архітэктуры і побыту) - месца, куды з усяго горада перавозіліся б найбольш адметныя драўляныя дамы. Яўген Малікаў прапаноўвае размясціць Стары горад у раёне вуліц Арцёма, Пушкіна – Плошчы Леніна – Кагальнага рова – Пралетарскай – Фрунзе - узбярэжжы ракі Сож.



На Радзе да адзінай думкі не прыйшлі, паўсталі пытанні з фінансаваннем, месцам размяшчэння музея. Таму было прынята рашэнне бліжэйшым часам даследаваць тэхнічны стан драўляных дамоў і ўключыць найбольш цікавыя аб’екты ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.



Заслужаны архітэктар Сяргей Крывашэеў, які браў удзел у распрацоўцы генплана развіцця горада, кажа, што ў гэтым плане закладзена стварэнне Горада майстроў - таго Старога горада, пра які мараць гісторыкі ды грамадскія актывісты. “Запланавана размясціць разнастайныя рамесныя майстэрні, дзе наведвальнікі ды турысты змаглі б паназіраць за працай каваля, ганчара, бондара, чаканшчыка. Сюды можна было б перавезці і ўнікальныя драўляныя дамы і такім чынам вырашыць пытанне захавання драўлянай спадчыны”, - заўважае Сяргей Крывашэеў.

Такім чынам, варыянты захавання драўлянай архітэктуры ёсць і, дзякуючы намаганням гісторыкаў, грамадскасці ды добрай волі мясцовых чыноўнікаў, справа выратавання драўлянай спадчыны зрушылася з мёртвай кропкі.

Праўда, варта адзначыць, што далей за размовы ды далёкія планы справа не ідзе. Пакуль чыноўнікі думаюць, дзе знайсці грошы, драўляная спадчына павольна, але няўхільна нішчыцца бульдозерамі. Ужо разбурана большая частка драўляных дамоў у цэнтры горада, у тым ліку ўнікальныя двухпавярховыя купецкія дамы па вуліцы Парыжскай камуны, Валатаўской, цагляны дом па вуліцы Карла Маркса ды шэраг іншых. Можа так апынуцца, што, калі чыноўнікі ўсё ж такі наважацца зрабіць нешта канкрэтнае дзеля выратавання драўлянай спадчыны, ратаваць ужо не будзе чаго.



{youtube}Zx3ihQWjxUs{/youtube}


{youtube}Xow9zw8DEu0{/youtube}


{youtube}d9_cm7YABrw{/youtube}  

{youtube}6C0Qh_ec1jA{/youtube}


{youtube}KP7sZVTfgAQ{/youtube}

Новые статьи

Закономерности голосования на избиратель…

31-10-2016 Просмотров: 271

Закономерности голосования на избирательных округах Гомельской области

Четвертые подряд парламентские выборы в Гомельской области заканчиваются полной абсолютной победой «провластных» кандидатов. Тем не менее, нельзя не заметить некоторые изменения в результатах голосования. «Стратегическая мысль» оценила, как изменяется уровень...

Новости организации

Издания