Наша аналитика :: Культура

Вуліцы Гомелю: а ці ў беларускім горадзе мы жывем?

Чалавек спрадвеку імкнуўся неяк абазначыць прастору, якая яго атачала, таму рэкі, азёры, пагоркі, гарады, сёлы, вуліцы дзе жыве чалавек маюць свой уласны назоў. З аднаго боку менавіта чалавек стварае тапаніміку, але ж і яна ў сваю чаргу пакрысе пачынае ўплываць на яго. Наша гарадская прастора складаецца з вуліц, а вуліцы збольшага носяць імёны людзей. Мы штодня ходзім па вуліцам нашага горада, якія названы ў чыйсці гонар, але ж амаль не задумваемся хто гэтыя людзі, якое яны маюць дачыненне да нашага горада і ці маюць наогул, якія маюць заслугі перад горадам ці краінай. Чаму так адбываецца? Хто вінаваты ў тым, што вялізарны краязнаўчы тапанімічны патэнцыял не выкарстоўваецца ні школай, ні сям’ёй для выхавання падрастаючых пакаленняў для фармавання іх нацыянальнай свядомасці?

 


У межах дадзенага артыкула я зраблю спробу аналіза персаналій, чыімі імёнамі названы вуліцы нашага горада. Найперш будуць цікавіць наступныя рэчы: чым гэты чалавек заслужыў гонар, каб вуліца насіла яго імя, ці мае ён якое-кольвек дачыненне да Гомеля ці, прынамсі, да Беларусі, ці ўплывае гарадская тапаніміка (у прыватнасці назвы вуліц) на фармаванне свядомасці чалавека, якім патэнцыялам наогул валодае гарадская таманіміка?

Аднойчы падчас здымкаў аматарскага фільма пра нашага земляка Пятра Карповіча, я разам з іншымі актывістамі грамадскай краязнаўчай арганізацыі “Талака” брала ўдзел у апытанні (яно адбывалася менавіта на вуліцы Карповіча): ці ведаюць жыхары хто такі Пётр Карповіч. Апынулася, што з прыблізна 20 апытаных гамяльчан адзін чалавек згадаў, што Пётр Карповіч - рэвалюцыянер, а другі (як потым высветлілася выкладчык універсітэта транспарта) ведаў дакладна, што Карповіч – рэвалюцыянер-тэрарыст, уражэнец Гомеля. Пераканана, што такі б вынік апытання быў бы амаль на любой вуліцы Гомеля, можа за выняткам вуліцы Леніна, Пушкіна, Дастаеўскага, Чэхава ды інш. ну вельмі вядомых людзей. Напрошваецца выснова, што мы - жыхары Гомеля амаль не ведаем хто гэтыя людзі чые імёны носяць вуліцы горада.

Сучасныя гарадскія гомельскія вуліцы збольшага “персаніфікаваны”. Так, 209 гомельскіх вуліц, завулкаў і праездаў носяць імёны людзей. Умоўна можна падзяліць гэтых людзей паводле роду заняткаў: 69 асоб, чые імёны носяць нашы вуліцы гэта героі Вялікай Айчыннай Вайны (І.Антошкін, Е.Барыкін, П.Басенкоў, П.Белчэнка, І.Беразоўскі, Л.Васіл’ева, М.Ватуцін, М.Гастэла, Р.Галавацкі, П.Галавачоў, М.Казей, Ул.Каменшчыкаў, Дз.Карбышэў, І.Кожар, А. Маневіч, А.Матросаў, І.Пархоменка, К.Ракасоўскі, Г.Склязнёў, А.Свірыдаў, І.Федзюнінскі, Ю.Шандалаў, І.Шылаў ды інш.). Варта адзначыць, што ў гэтай самай шматлікай катэгорыі найбольшая колкасць людзей, якія звязаны альбо з Гомельшчынай альбо з Беларуссю, а менавіта - 58 чалавек. Другая катэгорыя - 50 чалавек – рэвалюцыянеры (шмат з іх пасля сталі дзяржаўнымі дзеячамі Савецкага Саюза). Сярод іх: П.Арцём, Б.Ауэрбах, І.Бабушкін, М.Бакунін, М.Баўман, М.Білецкі, П.Багданаў, С.Бочкін, Ул.Мірон, П.Войкаў, В.Валадарскі, А.Жаркоўскі, М.Калінін, М.Урыцкі, П.Карповіч, С.Камісараў, Косараў, Н.Крупская, В.Куйбышэў, С.Лазо, І.Ланге, У.Ленін, А.Луначарскі, А.Мяснікоў, Г.Плеханаў, Р.Пятроўскі, Я.Сазонаў, М.Свярдлоў, І.Чапаеў, М.Шчорс, Э.Тэльман, М.Фрунзэ, Дз.Фурманаў, М.Хатаевіч, І.Хімакоў, І.Якубаў ды інш. З вышэйазначаных асоб толькі 22 чалавека маюць дачыненне да Гомеля ці Беларусі. Трэцяя група людзей, чые імёны носяць вуліцы горада – дзеячы культуры, ажно 37 чалавек: Дз.Бедны, М.Багдановіч, П.Броўка, А.Гайдар, М.Глінка, М.Гогаль, М.Горкі, М.Дабралюбаў, Ф.Дастаеўскі, С.Ясенін, Р.Кісялёў, М.Лермантаў, І.Мележ, А.Пушкін, А. Радзішчаў, І.Рэпін, Е.Раманаў, І.Тургенеў, П.Чайкоўскі, А.Чэхаў, Т.Шэўчэнка, М.Шчадрын ды інш. З 37 чалавек толькі 8 (!!!) маюць дачыненне да беларускай культуры. Дзеячы навукі прадстаўлены толькі 11 постацямі (можна іх усіх і пералічыць): І.Курчатаў, М.Ламаносаў, Дз.Мендзялееў, І.Мечнікаў, І.Мічурын, Ф.Маісеенка, А.Паўлаў, М.Пірагоў, П.Сухі, К.Цыалкоўскі, О.Шмітд. З 11 навукоўцаў толькі 2 чалавека нарадзіліся і працавалі ў Беларусі. Дакастрычніцкая палітычная ды ваенная гісторыя прадстаўлена ўсяго толькі 7 асобамі: М.Кутузаў, П.Нахімаў, Е.Пугачоў, Сц.Разін, Б.Хмельніцкі, А.Сувораў, Ф.Ушакоў. Да Беларусі мелі дачыненне 2 (негатыўнае, заўважым) – Б. Хмельніцкі ды А.Сувораў. Маем 7 вуліц, якія носяць імёны міліцыянтаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў (К.Барысенка, М.Малайчук, Д.Агарэнка ды інш), 6 вуліц названы ў гонар савецкіх лётчыкаў ды касманаўтаў (Ю.Гагарын, Ул.Камароў, С.Леванеўскі, П.Бяляеў, А.Леонаў, В.Оськін), з іх толькі апошні звязаны з гісторыяй Гомеля.

Такім чынам, прааналізаваў персаналіі, у гонар якіх названы нашы вуліцы прыходзім да высновы, што ў назвах вуліц адлюстравана збольшага (за невялікім выняткам) савецкая гісторыя (нібыта да кастрычніка 1917 года Гомель у прыватнасці, а Беларусь наогул, не мелі аніякай гісторыі), палітычна-ваенная (у два разы болей вайскоўцаў, рэвалюцыянераў, палітыкаў чым пісьменнікаў, мастакоў, паэтаў, мысляроў, навукоўцаў, святароў). Крый божа думаць, што я не лічу вартым ўшанавання подзвігу людзей падчас мінулай вайны, але ж, многія з герояў вайны зрабілі можа адзін гераічны ўчынак, у той час, як мы маем суайчыннікаў, жыццё якіх было скіравана на служэнне Гомелю ці Беларусі і іх імёнаў няма на вуліцах нашага горада. І гэта, на мой погляд, вельмі несправядлівая сітуацыя. І, нарэшце, з 209 толькі 92 чалавека, меньш за палову, нейкім чынам звязаны з Беларуссю.

Канешне, у такой сітуацыі не выпадае казаць аб магчымасці выкарыстання гарадской тапанімікі дзеля фармавання менавіта беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускага патрыятызму, гуманістычнага светапогляду.

Сітуацыя пакрысе веьмі і вельмі марудна мяняецца, так, у новабудоўлях з’яўляюцца вуліцы беларускіх дарэвалюцыйных дзеячоў: вул.Ф.Скарыны, Е.Раманава, І.Мележа ды інш., але ж агульнай карціны гэта не мяняе і пытанне з фармаваннем беларускай ідэнтычнасці не вырашае.

Ёсць меркаванне, што, маўляў, жыхары не ведаюць што гэта за людзі ўганараваны ў назвах нашых вуліц, таму аніякага ўплыву ні станоўчага, ні адмоўнага на свядомасць людзей няма, але адмыслоўцы сцвярджаюць адваротнае. “Насамрэч, я б не казаў, што не веданне таманімічнага асяроддзя гэта такая бяскрыўдная рэч для жыхароў горада, – кажа культуролаг Віктар Адзіночанка,Нас атачае збольшага савецкая палітычная, культурная, ваенная спадчына. У назвах гомельскіх вуліц на амаль 90 адсоткаў прадстаўлена выключна савецкая гісторыя, і калі за часамі Савецкага Саюза ва ўмовах панавння камуністычнай ідэалогіі ў захаванні савецкай спадчыны быў сэнс, дык зараз калі Беларусь ужо 20 гадоў існуе як незалежная дзяржава, такая сітуацыя становіцца амаль парадаксальнай. Такі стан рэчаў спустошвае чалавека, дэзарыэнтуе яго, ён пазбаўлены маральных арыентыраў, бо савецкая камуністычная ідэалогія ды каштоўнасці ўжо не актуальны, а нашай беларускай гісторыі ды культуры ў назвах вуліц ды ў помнікаў няма. Чалавек у такіх умовах адчувае сябе няўпэўнена, спустошана бо не можа абаперціся на шматстагоддзевую гісторыю сваіх продкаў”.


Хацелася б запытацца ў чыноўнікаў адказных за прыняцце рашэнняў аб наданні вуліцам імёнаў знакамітых людзей, а чаму няма вуліцы імя Ст. Шабунеўскага – выбітнага архітэктара, грамадзяніна чыімі намаганнямі сфармаваўся архітэктурны воблік сучаснага Гомеля, імя Льва Выгоцкага – сусветна вядомага псіхолага, заснавльніка культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі, уражэнца Гомеля, В.Жудро - Гомельскага знакамітага краязнаўцы, імя Дзмітрыя Лапо – пісьменніка грамадскага дзеяча ды імя Уладзіміра Спасовіча – адваката, гісторыка, грамадскага дзеяча., уражэнцаў Гомельшчыны, імя Іпаліта Клімашэўскага – пісьменніка, педагога, імя Мікалая Ястрэбскага інжынера, педагога, гісторыка навукі ды тэхнікі, імя Васіля Лужынскага – уніяцкага, а потым праваслаўнага царкоўнага дзеяча, ім. Язэпа Няцецкага – прадстаўніка БНР на Гомельшчыне, , імя Уладзіміра Піваварава – наркама асветы ў БССР, ім. Сяргея Уклонскага - мінеролаг, геахімік, імя Аляксандра Ісачова – сусветна вядомага мастака з-пад Рэчыцы, імя Анатоля Сыса – геніяльнага паэта, які вучыўся ў Гомельскім універсітэце, імя Фёдара Шкляра –гісторыка, зансавальніка Веткаўскага музея народнай творчасці, імя Матушкі Еліканіды – легендарнай манахіні з Неглюбкі, імя святара пакутніка Іаана Кармянскага, імя Кірылы Тураўскага. У назвах вуліц горада няма аніводнага хрысіцянскага святара, мысляра. І гэта не гледзячы на тое, што ў Беларусі нібыта падтрымліваецца праваслаўная царква і часта ідзе гаворка пра неабходнасць папулярызацыі менавіта хрысціянскіх каштоўнасцяў. І як на здзек, будынак праваслаўнай епархіі знаходзіцца на вуліцы паэта Дзям’яна Беднага, які, як вядома, быў ворагам царквы і хрысіцянства.

Паўстае пытанне чаму цяперашнія ўлады так зацята не жадаюць папулярызацыі свайго, беларускага, нашага? Пачнем з таго, што на Беларусі адсутнічае мясцовае самакіраванне, якое існуе ў краінах Эўропы, таму ўлады не аўтаномныя, а дзейнічаюць строга ў адпаведнасці з указаннямі, якія ім даводзіць цэнтральная ўлада. Увасабленнем цэнтральнай улады з’яўляецца прэзідэнт. Прэзідэнтам краіны з’яўляецца чалавек, які на дух не выносіць усё беларускае, карыстаецца беларускімі словамі, калі трэба кагось абразіць. Так, ужывае раз-пораз са здзекам словазлучэнне “гэтыя свядомыя” маючы на ўвазе нацянальна-свядомую эліту краіны, якую ён лічыць ворагамі народа, супрацьпастаўляючы ім сваю савецкую свядомасць.

Каб мясцовыя ўлады дбалі пра менавіта беларускія нацыянальныя інтарэсы, у нас не было б вуліцы Аляксандра Суворава, які напрыканцы 18ст. падаўляў вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэуша Касцюшкі, а наш бы знакаміты парк не быў бы названы ў гонар Анатоля Луначарскага, які вывез у Маскву вялізарную колькасць мастацкіх каштоўнасцяў палаца Паскевічаў, я ўжо не кажу пра вуліцы шматлікіх камуністычных дзеячоў ці, лепш сказаць, камуністычных катаў, якія былі павінны ў смерці міліёнаў нявінных людзей, адмаўлялі беларусам у праве на самавызначэнне, знішчалі беларускую інтэлігенцыю, ажыццяўлялі русіфікацыю. Зараз маем сітуацыю, калі патрыятычнае выхаванне моладзі адбываецца выключна на прыкладах падзей Вялікай Айчыннай Вайны, у той час як беларусы цягам сваёй гісторыі мелі безліч прыкладаў патрыятызму, бязмежнай любові ды самаадднага служэння Бацькаўшчыне. Але ўлады не хочуць станавіцца на гэту “слізкую” для іх дарогу выхавання беларускіх нацыяналсітаў-патрыётаў

Вельмі паказальна (з гледзішча стаўлення ўлад да небальшавіцкіх палітычных дзеячаў) гісторыя з наданнем імя адной з вуліц горада выбітнай рэвалюцыянеркі, адной з заснавальніц Беларускай партыі сацыялістаў рэвалюцыянераў (БПСР), уражэнцы Навабеліцы Палуце Бадуновай. З такой прапановай некалькі год таму выступілі актывісты аргкамітэта па стварэнню БХД. Яны сабралі больш за 300 подпісаў за тое, каб пераіменаваць вуліцу Георгія Дзімітрава ў вуліцу Палуты Бадуновай. Але, не гледзячы на неаспрэчныя заслугі Бадуновай перад Беларуссю, наяўнасці прысвечанай ёй гістарычнай манаграфіі гомельскай даследчыцы Валянціны Лебедзевай “Пуцявінамі змагання і пакутаў”, чыноўнікі пагадзіліся толькі на стварэнне экспазіцыі прысвечанай Бадуновай ў школьным музеі. Чым, цікава, не дагадзіла ім гэта бліскучая жанчына? Тым, што жыла пэўны час на эміграцыі, была ахвярай сталінскіх рэпрэсій? Хіба апошняе, бо сучасная ўлада пазіцыянуе сябе як спадкаемца савецкай улады, таму неяк не выпадае казаць пра савецкія злачынствы і, тым больш, ушаноўваць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У сувязі з гэтым, варта ўзгадаць гісторыю з усталяванем памятнага крыжа ды каменя ў лесе на месцы масавых растрэлаў ахвяр сталінскага рэжыму пад Гомелям . Пасля таго як грамадскасць падняла пытанне аб неабходнасці ўшанавання памяці ахвяр, быў створаны аматарскі дакументальны фільм, дзе былі сабраны сведчанні сваякоў растраляных грамадзян пра тое, што менавіта на тым месцы адбываліся растрэлы, улады наважыліся толькі ўсталяваць памятны праваслаўны крыж з іконай Божай маці. І аніякай надпісі - ні што за месца ўшанавана крыжам, ні хто там пахаваны, ці лепш сказаць закапаны. І гэта пры тым, што мясцовыя ўлады пры жаданні маглі б з дапамогай архіваў КДБ высветліць імёны ўсіх растраляных там людзей (пакутнікаў), пазначыць, што гэта былі нявінныя ахвяры савецкага таталітарызму, размесціць на гэтым месцы цэлы мемарыял на манер катыньскага, напрыклад, з уключэннем гэтага трагічнага месца ў турыстычны маршрут, але замест гэтага – крыж з іконкай.

Можна прыгадаць і гісторыю са стварэннем сквера з помнікам у гонар выбітнага Гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, які меўся паўстаць насупраць будынка транспартнага ўніверсітэта, пабудаванага паводле праекта маладога Шабунеўскага. Колькі год таму гарадкія ўлады прынялі рашэнне пра ушанаванне ягонай памяці, абвесцілі конкурс на лепшы праект помніка і сквера, абралі пераможцу і, адпаведна, лепшы праект. Мінула тры гады, сквер у гонар архітэктара так і не з’явіўся.

На мой погляд, адзіным слушным рашэннем па пытанню надання імёнаў вуліцам горада можа быць наступнае: на вуліцах павінны быць прадстаўлены пераважна беларусы, (альбо прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў дзейнасць якіх была на карысць Беларусі) Цэнтральныя вуліцы варта назваць у гонар людзей, дзейнасць якіх мае значнасць агульнабеларускую (Францыск Скарына, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князь Гедымін, вялікі князь і кароль Ягайла, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Максім.Багдановіч). Палова вуліц павінна насіць імёны людзей, якія спрычыніліся да гісторыі Гомеля ды Гомельшчыны. Аніякага перакосу ў бок палітыкаў ды вайскоўцаў быць не павінна. Ваенны подзвіг не павінны ацэньвацца вышэй за подзвіг працоўны ці духоўны. Гэтае ж тычыцца назваў плошчаў, сквераў, паркаў, помнікаў ды мемарыяльных шыльдаў. Гарадская тапаніміка павінна быць пастаўлена на службу выключна фармаванню беларускасці: беларускага менталітэту, беларускай свядомасці, беларускага патрыятызму і светапогляду, яна мусіць выхоўваць перадусім шчырых беларускіх патрыётаў. Канешне, павінны быць прадстаўлены і прадстаўнікі іншых культур, якія жылі і працавалі ў Беларусі. Так, на вуліцах горада павінна быць ушанавана габрэйская гістарычна-культурная спадчыны, бо, як вядома, Беларусь за часамі Расійскай імперыі ўваходзіла ў т.зв. “рысу аседласці”, то бок з’яўлялася тэрыторыяй на якой дазвалялася сяліцца габрэям, таму габрэйскае насельніцтва ў многіх гарадах складала палову жыхароў і натуральна ўносіла сваю лепту ў фармаванне гарадоў, іх гісторыі ды культуры. Палякі, украінцы, рускія, татары, якія жылі на нашых землях таксама павінны быць ушанаваны ў нашых гарадах ды вёсках.

Паразважаем на тэму, ці варта вярнуцца да дарэвалюцыйным назвам вуліц горада. Так, да кастрычніцкага пераварота ў Гомелі існавалі вуліцы Аптэчная, Бульварная Ветраная, Кузнечная, Любенская, Румянцаўская, Магілёўская, Замкавая, Ліпавая, Крушэўскага, барона Нольке, Базарная, Рагачоўская, Турэмная, Нова-Палесская, Нова-Мікалаеўская, Сарціровачная. Відавочна, што шэраг вуліц, назовы якіх былі прывязаны да канкрэтнага будынка, які месціўся на гэтай вуліцы, не варта аднаўляць, але часткова гістарычныя назвы трэба абавязкова пакінуць. Бясспрэчна, на мой погляд, праспекту Леніна трэба вярнуць яго гістарычны назву – вуліца Замкавая. Наконт вуліцы Румянцаўская, цяперашняя Савецкая, пытанне спрэчнае. З гледзішча беларускіх інтарэсаў фельдмаршал Румянцаў быў прадстаўніком акупацыйных расійскіх войскаў, якія з’явіліся на нашай зямлі ў выніку гвалтоўных падзелаў земляў Рэчы Паспалітаў паміж Расіяй, Прусіяй ды Аўстрыяй. Але ж пры ім будаваўся знакаміты Гомельскі палац, а сам горад пакрысе станавіўся цагляным. Таму імя Румянцава павінна быць ушанавана ў горадзе, але ж, відавочна, не на цэнральнай вуліцы.

Краязнаўства, (часткай якога ў тым ліку з’яўляюцца і гомельскія вуліцы) не гледзячы на свой вялізарны патэнцыял у выхаванні патрыятызму, фармаванні беларускай ідэнтычнасці, павагі да свайго горада, края, продкаў, традыцый, да сваёй матэрыяльнай і духоўнай культуры зараз перажывае не самыя лепшыя часы.

Кажа настаўніца гісторыі Гомельскай гімназіі Наталля Маркевіч: “На вялікі жаль, навучальная праграма па выкладанню гісторыі не прадугледжвае вывучэнне менавіта лакальнай гісторыі як, напрыклад, у Маскве ў якасці асобнага прадмета вывучаюць масквазнаўства, таксама ў шэрагу буйных рускіх гарадоў ёсць такія краязнаўчыя дысцыпліны. І прычан тут некалькі. Пачнем з таго, што не існуе аніякага падручніка пра краязнаўству Гомельшчыны, апроч таго, лакальная гісторыя вывучана вельмі дрэнна, у адрозненні, напрыклад, ад Заходняй Эўропы, дзе гісторыя настолькі добра даследавана, што зараз мясцовыя гісторыкі даследуюць гісторыю асобных вуліц. Мы такім пахваліцца не можам. Канешне, праблему можна вырашыць праз факультатывы, але ў сучаснай беларускай школе існуе факультатыў па гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны, які з’яўляецца абавязковым, і няма па лакальнай гісторыі. У шэрагу падручнікаў ёсць напрыканцы параграфаў пытанні, якія тычацца менавіта той ці іншай мясцовасці, але гэтага, канешне, не дастаткова, каб даць глыбокія веды па лакальнай гісторыі”.

Вось такая сітуацыя, нават калі б нацыянальна арыентаваны настаўнік і захацеў бы выкладаць краязнаўства, не існуе нават падручніка па якому ён бы мог працаваць. Апроч таго, навуковыя даследванні лакальнай гісторыі не запатрабаваны ўладамі і ажыццяўляюцца за асабістыя грошы навукоўцаў-гісторыкаў, таму і з’яўляюцца тыя даследванні гады ў рады, як кажуць, выдаюцца мізернымі накладамі ў сярэднім 300-500 асобнікаў, у вольны продаж амаль не трапляюць і адпаведна істотна ўплываць на ўзровень краязнаўчых ведаў пры ўсім жаданні не могуць.

Пэўныя намаганні па папулярызацыі краязнаўства сярод маладзёнаў ажыццяўляюць грамадскія арганізацыі.

Кажа старшыня Гомельскай маладзёвай краязнаўчай грамадскай арганізацыі Яўген Меркіс: “Адным з накірункаў нашай дзейнасці з’яўляецца папулярызацыя мясцовай культуры ды гісторыі. Актывісты арганізацыі стварылі і рэдагуюць сайт “Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны” (nashkraj.info). Намаганнямі талакоўцаў гэты сайт з’яўляецца практычна ўнікальным рэсурсам дзе сабрана рознага кшталту інфармацыя (тэксты, відэа, фотаздымкі) па розным перыядам гісторыі Гомеля, а таксама пра знакамітых людзей нашай Гомельшчыны”.

Не надта паспяховымі з’яўляюцца спробы актывістаў супрацоўнічаць са школамі. Некалькі год таму талакоўцы звярнуліся ў гарвыканкам па дазвол на правядзенне ў школах віктарыны “Шоў беларушчыны”, ім адмовілі з матывіроўкай, што у школах дзеці і так вельмі моцна абазнаны ў гісторыі, таму няма сэнсу яшчэ нешта ладзіць.

Бясспрэчна, што сіламі толькі неабыякавых людзей, грамадскасці ды грамадскіх арганізацый праблему слабых краязнаўчых ведаеў, адсутнасці беларушчыны ў гарадской тапанімічнай прасторы вырашыць немагчыма, неабходны супольныя намаганні мясцовых уладаў, школы, бацькоў, дяцей, грамадскасці ў справе вывучэння гісторыі роднага края.

Але і ў такой сітуацыі, калі з боку мясцовай ўлады няма палітычнай волі да зменаў у гарадской тапаніміцы, да ўшанавання менавіта беларускай культурна-гістарычнай спадчыны прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці могуць багата зрабіць дзеля захавання нашай спадчыны. Так, на мой погляд, варта займацца даследваннем нашай гісторыі ды культуры, спрабаваць друкаваць краязнаўчыя матэрыялы ў інтэрнэце ды СМІ, ствараць краязнаўчыя маршруты, ладзіць збор подпісаў за наданне новым вуліцам імёнаў беларускіх дзеячоў і тады сітуацыя пачне пакрысе мяняцца. Усё больш людзей будуць уцягвацца ў гэты працэс, што дазволіць нашай беларускай гісторыі ды культуры не сканаць, а наадварот стаць моцным інструментам у справе фармавання нацыянальнай свядомасці, патрыятызму ды гуманізму.

Новые статьи

Закономерности голосования на избиратель…

31-10-2016 Просмотров: 357

Закономерности голосования на избирательных округах Гомельской области

Четвертые подряд парламентские выборы в Гомельской области заканчиваются полной абсолютной победой «провластных» кандидатов. Тем не менее, нельзя не заметить некоторые изменения в результатах голосования. «Стратегическая мысль» оценила, как изменяется уровень...

Новости организации

Издания