Наша аналитика :: Культура

Фантом культурнай сталіцы

У 2011 годзе Гомель пераняў эстафету “культурнае сталіцы” ад старажытнага Полацку. У гэтым звязку гамельчукам выпадае перажыць нешта неймавернае: кайф ад надакучліва-абрыдлых мерапрыемстваў кшталту “Сожскага карагоду”, “Студэнцкага шлягера” і вакальнага конкурса “Спеўнае поле”. Карацей, жыхарам паўмільённага мегаполіса наканавана атрымаць задавальненне ад таго, што раней не “ўстаўляла” па вызначэнні. А цяпер мусіць “пакаціць” толькі таму, што адбываецца ў рамках рэспубліканскай акцыі “культурная сталіца Беларусі”.


Спытайце ў любога гамельчука пра тое, што для яго азначае быць жыхаром “культурнай сталіцы” краіны. Перакананы, адказ не прымусіць сябе доўга чакаць. У лепшым выпадку рэспандэнт, пачухаўшы патыліцу, запытае наўпрост у цікаўнага суб’екта, з якога ён ляснуўся дуба. У горшым – працавітымі рукамі абазначыць на фэйсе надзвычай дапытлівага іншагародняга госця лагатып акцыі “культурная сталіца” – незразумелую графічную лухту сіняватага колеру. 

Прашу не шукаць у гэтых аўтарскіх радках праяваў мізантропіі. Гамельчукі, да якіх з нядаўняга часу адношуся і я, збольшага народ неабыякавы. Сярод нас ёсць і вытанчаныя інтэлектуалы, і працалюбівыя рабочыя, і старанныя камунальшчыкі, і ў нейкай ступені блізкія да народу ўлады. Мы любім свой горад і заўжды радуемся, калі Гомель згадваюць у пазітыўным рэчышчы. Калі ў лютым бягучага году да нас у горад завітаў міністр культуры Павел Латушка са спецыяльнымі сертыфікатамі аб наданні статуса “Культурная сталіца Беларусі 2011 года”, мы, вядома, узрадаваліся выдатнай навіне. Але потым, выйшаўшы са штопару калектыўнай экзальтацыі, чамусьці задумаліся: “а за якія гэта цікава дасягненні ў культуры нас заахвоцілі?”. Ніхто ад латушкаўскіх граматаў, натуральна, не адмовіўся. Заўжды прыемна, калі цябе цэняць, нават калі ты гэтага не заслужыў. Але ўсё ж нейкія сумневы працягвалі мучыць цікаўныя розумы пэўнай часткі гараджанаў. Насамрэч, не ўспрымаць жа на поўным сур’ёзе словы Паўла Латушкі пра тое, што абранне Гомеля культурнай сталіцай Беларусі адбылося ў звязку з наяўнасцю 47 разнастайных установаў культуры, 3 прафесійных тэатраў, Гомельскай абласной філармоніі і нават 1 цырка! Быццам у іншых гарадах краіны замест дамоў культуры ўжо даўно функцыянуюць публічныя дамы, калектывы філармоніяў распушчаныя, а цыркі раз’ехаліся. Прычым разам з клоўнамі. Выкарыстанне колькасных паказнікаў у сферы культуры – гэта прыблізна тое ж самае, як, скажам, прымяненне аграрыямі аксіалагічнага падыхода да збору бульбы гатунка “ласунак”.

Зрэшты, калі логіку закладніка бюракратычнага апарата Паўла Латушкі зразумець можна, то дзеянні адказных таварышаў на месцах выклікаюць суцэльныя здзіўленні. Вось, напрыклад, вядомы персанаж афіцыйнага культурнага жыцця Гомеля – свецкі леў і па сумяшчальніцтве дырэктар дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” Алег Рыжкоў. Чыноўнік так стараўся зрабіць свой унёсак у папулярызацыю акцыі “культурная сталіца”, што проста перашчыраваў. Падчас аднаго з дзелавых візытаў італьянскіх бізнэсоўцаў у Гомель Алег Рыжкоў прапанаваў гасцям з Апенінскай паўвыспы выкласці салідную суму ў паўмільёны еўра на рэалізацыю праекта моладзевага творчага цэнтра, так званага “Гомельскага вулея”. Ідэя стварэння творчага інкубатара ў Гомелі вельмі цікавая, а вось выкананне, на жаль, пакідае жадаць лепшага.

Ідэя стварэння арт-пляцоўкі “Гомельскі вулей” узнікла ў цяперашняга жыхара палаца Румянцавых-Паскевічаў Алега Рыжкова не сама сабой, а ў выніку творчага пераасэнсавання дзейнасці дабрачынца Альфрэда Бюшэ. Мецэнат Бюшэ ў 1902 годзе на паўднёва-заходняй ускраіне Парыжа набыў пустку, на якой усталяваў трохпавярховую ратонду ў выглядзе вулея. У тым жа годзе Альфрэд Бюшэ за сімвалічную плату пачаў прадастаўляць майстэрні многім выбітным мастакам. Дарэчы, у парыжскім Вуллі працавалі і некаторыя выхадцы з Беларусі: Хаім Суцін, Марк Шагал, Міхаіл Кікоін... Дык вось, не паспелі госці з сонечнай Італіі прыехаць ў цудоўны горад над Сожам, як ім навязліва прапанавалі адчуць сябе філантропамі, накшталт Альфрэда Бюшэ.Маўляў, вышыя грошы неабходныя для таго, каб нашая таленавітая моладзь стала на ногі. Складваецца ўражанне, што для ідэйных натхняльнікаў “Гомельская вулея” дабрачыннасць – гэта не натуральны працэс падтрымкі здольных творцаў, а магчымасць засваення замежных сродкаў. Бо ў пытаннях падтрымкі таленавітай моладзі мы павінны, у першую чаргу, абапірацца выключна на сябе. Калі ўсе нашыя імкненні будуць замыкацца на замежнай дабрачыннасці, то пра мёданосных пчолаў з “Гомельскага вулея” (новых шагалаў, апалінэраў і суціных) трэба забыць.

Па вялікім рахунку, тое, што адбываецца ў “культурнай сталіцы” Гомель, здзіўляе па некалькіх прычынах. Па-першае, адсутнасць нават мінімальнай самакрытыкі адказных аобаў. Няўжо супрацоўнікам аддзелаў культуры выканкамаў не сорамна самім з-за убоства прапанаванай культурнай праграмы? Сучасная беларуская культура не абмяжоўваецца лубочнымі фальклорнымі калектывамі, “саламянымі капялюшамі” і ўра-патрыятычнымі кампазіцыямі кшталту песні “I love Belarus” у выкананні прадстаўніцы сінявокай на конкурсе “Еўрабачанне 2011”. Арганізатарам “культурнай сталіцы” варта было б хаця б з’ездзіць у камандзіроўку ў мінскую галерэю “Ў”, пачытаць тэксты Інтэрнэт-выдання “Новая Еўропа”, азнаёміцца з творчасцю Артура Клінава і Лявона Вольскага, паглядзець палотны Алеся Пушкіна... Між іншым, у Гомелі таксама ёсць дастаткова цікавыя асобы і калектывы. Напрыклад, пісьменнікі Сяргей Балахонаў і Югася Каляда, блюзмэн Аляксандар Цыганок са сваім гуртом “Al Narrator Orchestra”. Апошні мог бы дапамагчы гарадскім уладам запачаткаваць штогадовы блюзавы фэст на шыкоўнай набярэжнай ракі Сож. Можна нават паспрабаваць пафантазаваць: open-air пляцоўка для музыкаў, усталяваная на якой-небудзь баржы часоў угару НЭПа, прышвартаваная да Кіеўскага спуска з маляўнічым відарысам на палац Румянцавых-Паскевічаў у стылі класіцызм. На гэтай пляцоўцы маглі б выступаць запрошаныя групы з Беларусі і замежжа. Вось адзін з прыкладаў адносна недарагога мерапрыемства, якое напэўна б зацікавіла мноства людзей і раскруціла брэнд Гомеля.

Жаданне быць еўрапейцамі (акцыя “культурная сталіца Беларусі” – гэта калька з мерапрыемства культурная сталіца Еўропы) павінна, па ідэі, пацвярджацца рэалізацыяй прынцыпаў супрацы ўладаў і грамадзянскае супольнасці. У Заходняй Еўропе неабыякавыя грамадзяне і групы людзей, што маюць досвед сур’ёзнай арганізацыйнай дзейнасці, нефармальныя творчыя аб’яднанні, СМІ і грамадскія арганізацыі, працуюць супольна. У Беларусі з-за замкнёнасці і непразрыстасці сістэмы нават самым лепшым пачынанням наканавана рэалізоўвацца выключна на паперы.

Па-другое, вельмі прыгнятае меркантылізм некаторых прадстаўнікоў улады ў дачыненні да культуры, якая ўяўляецца ім чамусьці ў выглядзе пыласосу для ўцягвання грашовых сродкаў. Думаецца, менавіта дасяжнасць высокага мастацтва для шырокіх масаў якраз і зробяць Гомель (у перспэктыве – іншыя абласныя і райнныя цэнтры краіны) насамрэч культурнай сталіцай.

 

Новые статьи

Закономерности голосования на избиратель…

31-10-2016 Просмотров: 358

Закономерности голосования на избирательных округах Гомельской области

Четвертые подряд парламентские выборы в Гомельской области заканчиваются полной абсолютной победой «провластных» кандидатов. Тем не менее, нельзя не заметить некоторые изменения в результатах голосования. «Стратегическая мысль» оценила, как изменяется уровень...

Новости организации

Издания