Наша аналитика :: Культура

Гульня тронаў, альбо барацьба за драўляны Гомель

Праблему захавання драўлянай забудовы ў гістарычным цэнтры Гомеля несправядліва тлумачыць выключна благімі намерамі ўладаў. Мясцовае кіраўніцтва, вядома, не сільна пераймаецца пытаннямі грамадскіх інтарэсаў. Калі перад вертыкаллю маячыць прывід інвестыцый (бабла) ў эканоміку горада (уласную кішэню?), то ніякія пратэсты краязнаўцаў не спыняць рух бульдозераў. Але справа не толькі ў сквапнасці і безадказнасці чыноўнікаў.

Калі б грамадства больш актыўна і свядома абараняла гарадскія славутасці, то ўлады таксама былі б вымушаныя задумацца аб мэтазгоднасці падпарадкавання ўсіх рашэнняў прынцыпу максімізацыі прыбыткаў. На жаль, самі гараджане не да канца ўсведамляюць каштоўнасці старой забудовы. І гэта насамрэч з'яўляецца ці не асноўнай прычынай знішчэння гістарычнага аблічча Гомеля.

Вельмі паказальнай рэакцыяй гамельчукоў на руйнаванне сядзібаў канца ХІХ--пачатку ХХ стагоддзя сталіся выпадкі марадзёрства элементаў знішчанай забудовы па вуліцы Валатаўская. Пакуль актывісты ліставаліся з разнастайнымі органамі ўлады адносна неабходнасці тэрміновага спынення актаў вандалізма, прадпрымальныя грамадзяне ў шапку не спалі. Падчас дэмантажу некалькіх будынкаў можна было заўважыць зграйкі дзелавых людзей, якія расцягвалі на патрэбы сваіх гаспадарак то драўляныя ліштвы, то аконныя рамы. Імкненне да лёгкай нажывы -- гэта не выключна беларуская нацыянальная рыса. Аднак нешта цяжка ўявіць, скажам, жыхара Рыма, які расцягвае па цаглінцы Калізей толькі таму, што камусьці з мэрыі італьянскай сталіцы захацелася б узвесці на месцы помніка аквапарк.

Гісторыя барацьбы за архітэктурную ДНК

Гомель да канца ХІХ стагоддзя ніколі не быў буйным горадам. Тут ніколі не знаходзіліся каралеўскія рэзыдэнцыі і палацы магнатаў ВКЛ. Адпаведна, каменныя пабудовы для гэтага горада, старэйшыя за два стагоддзі, -- гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Большасць пабудоваў горада яшчэ сто гадоў таму будаваліся з дрэва. Нават у перыяд капіталістычнага і прамысловага буму, які істотна паўплываў на ўрбанізацыю Гомеля ў пачатку ХХ стагоддзя, горад працягваў заставацца збольшага драўляным. І заможныя гомельцы з раёна Свісток, і беднякі з Кагальнага рова будавалі свае дамы з традыцыйнага дрэва. Аднак гэта не азначае, што ўладальнікі драўляных сядзібаў не  надавалі ўвагу дэкору фасадаў. Па сутнасці, карыстаючыся тэрміналогіяй аднаго з актывістаў, драўляны Гомель з'яўляецца архітэктурнай ДНК горада, якая вызначае генетычную праграму разбудовы ўрбаністычнай прасторы.  

Да нашага часу захаваліся ў раёне цяперашніх вуліцаў Карла Маркса, Валатаўской і Парыжскай Камуны ўзоры драўлянай мяшчанскай архітэктуры. Гэтыя дамкі з багата аздобленымі разблёнымі ліштвамі і ўваходнымі брамамі не маюць аналагаў ва ўсёй Беларусі. Сёй-той з даследчыкаў увогуле заяўляе пра агульнасветавую ўнікальнасць мясцовага драўлянага дойлідства. Але, так ці інакш, уключна да канца 1980-х гадоў да гэтай архітэктурнай спадчыны практычна нікому не было справы. Думаю, што не сільна памылюся, калі назаву "першаадкрывальнікам" драўлянага Гомеля краязнаўца Андрэя Скідана. Ён не толькі дакументальна зафіксаваў дзясяткі сядзібаў, але і сфармуляваў першыя канцэпцыі захавання помнікаў архітэктуры. У прыватнасці, ім быў распрацаваны праект скансэну ў раёне Спасавай слабады па вуліцы Пралетарская (Фельдмаршальская).

У пачатку 1990-х гадоў будынкі працягвалі прыходзіць у заняпад. Некаторыя ўзоры былі знішчаныя яшчэ ў той час. Як напрыклад, гарадская сядзіба па вуліцы К. Маркса, 26, знесеная ўвосень 1994 года. У гэты час да дзейнасці Андрэя Скідана далучыўся малады даследчык Яўген Малікаў. Ён змог вывесці пытанне абароны драўлянай забудовы на навуковы ўзровень. Плёнам ягоных шматгадовых даследаванняў сталася напісанне і абарона кандыдацкай дысертацыі на тэму "Драўляны архітэктурны разьбяны дэкор паўднёва-ўсходняй Беларусі канца ХIХ - першай паловы ХХ стагоддзя". На жаль, наяўнасць у шэрагах абаронцаў драўлянага Гомеля кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава практычна не паўплывала на працэс далейшага знішчэння помнікаў традыцыйнага дойлідства. Горад працягваў страчваць сваё архітэктурнае заблічча. У адным з інтэрв'ю для газеты "Гомельскай праўдзе" Малікаў прыводзіць такую статыстыку: "Калі гадоў 10 таму ў абласным цэнтры можна было налічыць 150 такіх дамоў, то цяпер іх каля 70: шматлікія ўжо знесеныя або абабітыя сайдынгам. Да прыкладу, не так даўно знесеныя прыгожыя дамы па вуліцы Палескай..."

У 2011 годзе Гомель стаў культурнай сталіцай СНД. Па іроніі лёсу ў той жа год была завершаная распрацоўка генеральнага плану горадабудаўніцтва на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Для гістарычнага цэнтра гэтая падзея сімвалізавала пачатак канца. Прысудам гучалі шматлікія выказванні чыноўнікаў, адказных за архітэктурнае развіццё горада, на тэму драўлянага дойлідства. А прызнанні кіраўніка "Гомельграмадзянпраекта" Сяргея Крывашэева ў тым, што ў Гомелі «нет мощного исторического наследия», у тым ліку архітэктурнай спадчыны, увогуле прадэманстравалі сапраўднае стаўленне ўладаў да гэтай праблемы. Тады стала зразумела, што мясцовыя ўлады не разглядалі сур’ёзна магчымасць рэалізацыі канцэпцыі стварэння "запаведніка драўлянай архітэктуры". Чыноўнік агучыў, як ён думае, кампрамісны варыянт: перанесці пазасталыя будынкі на вуліцу Касмічная, што знаходзіцца дзесьці ў Навабеліцы. Размяшчэнне музея народнай архітэктуры на вуліцы Касмічная -- гэта сам па сабе тонкі прышпіл. Так і ўяўляюцца макеты першых касмічных шарападобных спадарожнікаў і марсаходаў сярод драўляных домікаў канца ХІХ стагоддзя.

Наступным этапам змагання за гістарычную забудову сталася актыўнасць сябраў маладзёвага краязнаўчага аб'яднання "Талака" ў 2012 годзе. Упершыню за ўвесь час барацьбы неабыякавыя гараджане выявілі сваё стаўленне да праблемы захавання архітэктурных помнікаў масава і ў офлайне. Талакоўцы пры дапамозе Андрэя Скідана арганізавалі серыю экскурсій для ўсіх ахвотных па раёнах Свісток і Залінейны. Гэтыя акцыі прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці гамельчукоў. А рэзананс ад экскурсій быў настолькі вялікі, што пра праблему захавання драўлянай спадчыны загаварылі спачатку ў незалежных і дзяржаўных СМІ, а потым (праўда, нясмелым шэптам) у калідорах улады.

Аднак кульмінацыйным момантам у справе абароны гістарычнай драўлянай забудовы сталася камандная праца актывістаў мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы і чальцоў "Талакі". Маладзёны за рэкордныя тэрміны зрабілі ўсю неабходную працу па складанні пакета дакументаў аб наданні драўлянаму Гомелю статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Усе паперы былі накіраваныя ў Міністэрства культуры РБ. Шкада толькі, што чыноўніцкае прамаруджванне прывяло да руйнавання чарговых будынкаў па вуліцы Валатаўская. Але ўсё-такі вынік ад гэтай работы быў. Мінкульт спусціў у Гомельскі гарвыканкам цыркуляр з патрабаваннем спынення ўсялякіх будаўнічых працаў на месцы знаходжання аб'ектаў. Каўшы экскаватараў часова падвіслі ў паветры над знакамітым будынкам музычнай вучэльні па адрасе Валатаўская, 17. У гэтым доме, калі верыць гарадскім легендам, знайшла апошняе прыстанішча княгіня і мецэнатка Ірына Паскевіч. З больш рэалістычных звестак: тут працаваў у першай палове ХХ стагоддзя вядомы композитор Рыгор Пукст.

Шляхі і спосабы змагання

Гісторыя змагання за драўляную архітэктуру ў Гомелі па накале жарсцяў, хітрасплеценасці інтрыгаў і нюансах падкілімнай барацьбы нагадвае папулярны амерыканскі серыял "Гульня тронаў". У ролі добрых феадалаў Старкаў з Вінтэрфэлу -- мясцовыя актывісты з ТБМ, "Талакі" і некалькі краязнаўцаў-адзіночак. Іхнымі канкурэнтамі ў барацьбе за прастол выступае некалькі прадстаўнікоў роду Ланісцераў -- інтэграваных у сістэму ўлады асобаў. Нашыя ланісцеры (універсітэцкі выкладчык М., супрацоўніца дзяржаўнага СМІ П. і некалькі больш-менш адэкватных чыноўнікаў з гарвыканкама) таксама імкнуцца выратаваць драўляны Гомель. Але ім чужасны пафас і адкрытая барацьба старкаў. Калі згадаць сюжэтную лінію кінасэрыяла "Гульня тронаў", па-над усімі разборкамі навісае ўвесь час адчуванне незваротнасці. Пакуль кантынент Вэстэрос (драўляны Гомель) ахоплены міжусобіцай змагароў, на іх землі насоўваецца арда зомбі. Хто ў нашым выпадку грае ролю зомбі, можна не расшыфроўваць. Для апошніх персанажаў помнікі драўлянага дойлідства нічога не вартыя. Зомбі -- істоты прышлыя і без асаблівых маральных абавязальніцтваў. Карацей, згодна фабуле твора, у сямі каралеўстваў Вэстэроса шансаў практычна няма.

Калі пакінуць у баку кінематаграфічна-літаратурныя алюзіі, будучыня драўлянага Гомеля выглядае не надта аптымістычнай. У першую чаргу, менавіта з-за раз'яднанасці ўсіх абаронцаў традыцыйнай архітэктуры. Доўгія гады справа з выпрацоўкай эфектыўнай стратэгіі барацьбы за гістарычную забудову буксавала на месцы менавіта таму, што асобныя людзі імкнуліся манапалізаваць гэтую тэму. Яны імкнуліся ўтрымаць пад сваім кантролем дзялянку драўлянага Гомеля. Усім, хто выяўляў імпэт у справе абароны гістарычных сядзібаў, аўтарытэтна і адназначна заяўлялася: "Не лезьце сваімі дылетанцкімі шчупальцамі ў высокія матэрыі, каб не нашкодзіць". І неабыякавыя, але паслухмяныя гараджане сыходзілі ў цень прафесійных захавальнікаў драўлянай спадчыны. Горад знішчаўся, кандыдацкія і дыпломныя працы пісаліся. На пытанні журналістаў і актывістаў вярхоўны жрэц ордэну драўлянага Гомеля М. адказваў, што ён ведае, як усё ўладкаваць патрэбным чынам. Маўляў, чыноўнікі -- таксама людзі, з якімі трэба ўмець вырашаць справы кулуарна. Горад знішчаўся, а артыкулы на тэму ягонага захавання інтэнсіўна публікаваліся ў часопісе "Архітэктура і будаўніцтва". Шкада, што кіраўнік "Гомельграмадзянпраекта" Сяргей Крывашэеў чытае той часопіс рэдка. Ды і тое па дыяганалі.

А яшчэ найбольш дасведчаныя ў пытанні драўлянага дойлідства людзі чамусьці прытрымліваліся меркавання, што іхняе пазбяганне незалежных СМІ будзе ўспрынятае важнымі людзьмі з выканкама станоўча. У палоне такой візіі знаходзіўся не толькі згаданы вышэй сп. М., але і цэлая генерацыя студэнтаў-архітэктараў БелДУТа. Той жа малады архітэктар Сяргей Ляпін у перыяд разгару пешых экскурсій змоўніцкім тонам казаў пра тое, што толькі артыкулы ў "Гомельскай праўдзе" здольныя расчуліць тых, каго трэба. Калі пра гэта напіша незалежнае выданне, то ўсё будзе сапсавана. А вось артыкулы ў "Гомельскай праўдзе" -- гэта нашае ўсё. Публікацыі спраўна выходзілі, грамадскасць інфантыльна пляскала ад радасці ў далонькі: "На нас звярнулі ўвагу дзяржаўныя СМІ, зірніце!". Амаль як тэлепузікі, якія ў аднайменным мульце беспрычынна і пры любой нагодзе абдымаліся міжсобку, неабыякавыя гамельчукі радаваліся нават фактам абсалютна стрыманых публікацый. Той жа Сяргей Ляпін распавядаў усім налева і направа пра свой геніяльны праект "вінтажнага Гомеля", ствараў 3D-анімацыю і лунаў у эмпірэях. Пра гэта (у сэнсе пра 3D, а не пра мройныя палёты нашага навігатара) таксама пісалася ў дзяржаўных СМІ. А незалежным -- дуліна ад Барадуліна. Дайшло да таго, што да Валатаўской "нечакана" пад'ехала брыгада на спецтэхніцы. Некалькі ўзмахаў каўшамі -- і не стала двух будынкаў. І гэта пры тым, што ў Мінкульце ў гэты час знаходзіліся на разглядзе дакументы аб наданні будынкаў па Валатаўской статуса помнікаў гісторыі і культуры. Калі б не шырокае асвятленне гэтых дзеянняў незалежнымі СМІ, калі б не праца актывістаў у сацыяльных сетках, калі б не дзейнасць актывістаў ТБМ і Талакі, калі б не шматгадовая асветніцкая праца Андрэя Скідана, не стала б і будынка на вуліцы Валатаўская, 17.

Такім чынам, гомельскі кейс наштурхоўвае на некалькі высноваў. Па-першае, немагчыма абараняць помнікі архітэктуры ва ўмовах кулуарных дамоўленасцяў з чыноўнікамі. Колькі б яны не абяцалі разабрацца ў сітуацыі, іх дзеянні заўжды будуць падпарадкаваныя меркантыльным матывам. Па-другое, у справе абароны драўлянага Гомеля варта выкарыстоўваць увесь арсенал законных сродкаў: ад зваротаў у Мінкульт да збору подпісаў грамадзянаў аб правядзенні рэферэндума альбо грамадскага абмеркавання. Па-трэцяе, варта працягваць публічныя формы прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы руйнавання помнікаў праз арганізацыю шматлюдных экскурсій. Гэтыя акцыі выклікаюць сур'ёзную зацікаўленасць у грамадстве. Па-чацвёртае, ніводная акцыя не будзе паспяховай, калі пра яе не даведаецца як мага болей грамадзянаў. Таму абаронцам драўлянай спадчыны трэба звяртацца як у дзяржаўныя, так і недзяржаўныя выданні. Па-пятае, уладам варта прапанаваць кампрамісны варыянт вырашэння праблемы, які будзе заключацца не ў пераносе рэштак забудовы ў раён вуліцы Касмічная, а ў захаванні будынкаў у прыпаркавай зоне. Скажам, на месцы Спасавай слабады. Пры гэтым варта даносіць інфармацыю пра магчымае выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу "запаведніка драўлянай архітэктуры" на канкрэтных прыкладах: багемны раён Ужупіё ў Вільні, скансэн Юргордэн у самым цэнтры Стакгольма, драўляныя цэнтры мястэчак польска-беларускага Падляшша. Каб годна рэпрэзэнтаваць аб'ект, трэба складаць не толькі гістарычныя даведкі, але і дапаўняць іх эканамічнымі раскладкамі. У гэтым актывістам маглі б дапамагчы эксперты ўстановы "Стратэгічная думка".

І апошняе, у працэсе абароны драўлянай архітэктуры варта карыстацца рознымі крэатыўнымі спосабамі: здымаць тэматычныя відэаролікі, маляваць карыкатуры, рабіць смешныя дэматыватары, ладзіць апытанкі ў сацыяльных сетках і, канешне, праводзіць экскурсіі. А вось аднастайныя заклікі да грамадскасці ў стылі "плач Яраслаўны" з рытуальнымі заломваннямі рук могуць сфармаваць у гамельчукоў на падобныя дзеянні ўстойлівы ванітны рэфлекс.  

Новые статьи

Закономерности голосования на избиратель…

31-10-2016 Просмотров: 271

Закономерности голосования на избирательных округах Гомельской области

Четвертые подряд парламентские выборы в Гомельской области заканчиваются полной абсолютной победой «провластных» кандидатов. Тем не менее, нельзя не заметить некоторые изменения в результатах голосования. «Стратегическая мысль» оценила, как изменяется уровень...

Новости организации

Издания