Сто год БНР: як гомельскія чыноўнікі пайшлі супраць трэнда

bnr logo

У бліжэйшую нядзелю, 25 сакавіка, тысячы прыхільнікаў незалежнасці Беларусі будуць адзначаць стагоддзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. У той час, калі ў шматлікіх гарадах публічныя акцыі і мерапрыемствы былі ўхваленыя на афіцыйным узроўні, гомельскія чыноўнікі свядома пайшлі на ігнараванне гэтай тэндэнцыі. Якія прычыны маглі паўплываць гэткае рашэнне і наколькі разумным яно было? Паспрабуем разабрацца.

Безумоўна вакол таго, наколькі важнай падзеяй было стварэнне БНР у нашай гісторыі дагэтуль існуе шмат спрэчак і рознагалоссяў. Калі для адных гэта бясспрэчнае свята, то для іншых — нічым не заўважная і дробная гістарычная падзея. Пры гэтым часта падыходы бываюць надзвычай палярнымі і іх прыхільнікі прытрымліваюцца эксклюзіўнага падыхода, адмятаючы цэлыя пласты нашай гісторыі і спадчыны.

Бясспрэчным на сёння з’яўляецца тое, што пасля абвяшчэння БНР ужо немагчыма было ігнараваць пытанне асобнай дзяржавы для беларусаў. З гэтым давялося мірыцца і бальшавікам, хоць шмат хто з іх беларусаў наогул за асобную нацыю не лічыў. Такім чынам БНР і яе стваральнікі задалі пэўны стандарт, заклалі ідэалы, да якіх яны імкнуліся. Вядома, пры гэтым не абыходзілася і без гераічных учынкаў і самаахвярнай працы, і без здрады і памылак, якія нам трэба вывучаць і сёння. Нават у XXI стагоддзі адбудаваць цалкам суверэнную і незалежную дзяржаву нам усё яшчэ не ўдалося, таму ідэі, якімі рухаліся айцы БНР у пэўным сэнсе дагэтуль актуальныя.

Канешне ў нас на Гомельшчыне наогул часта можна пачуць, што падзеі тых часоў для нас наогул вельмі далёкія не толькі па часе, але і тэрытарыяльна. Маўляў мясцовыя нічога пра БНР не ведалі, ніяк у яе стварэнні не ўдзельнічалі, а нашага рэгіёна тыя дзяржаватворчыя працэсы ніяк не датычыліся. Паспрабуем разабрацца з гэтым памылковым сцверджаннем.

Гомельскі след БНР

Яшчэ ў Другой устаўной грамаце БНР, якая была прынята Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда ў Мінску 9 сакавіка, было абвешчана, што новая дзяржава ствараецца ў межах рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народу. Магілёўская губерня, у склад якой на той момант уваходзіў Гомель была асобна адзначана ў Трэцяй устаўной грамаце. Такім чынам новая дзяржава не абыходзіла ўвагай і наш рэгіён.

gramata

Пры гэтым шмат выбітных прадстаўнікоў Гомеля і Гомельшчыны дапамаглі тады Беларусі на шляху да незалежнасці і стварэння ўласнай дзяржавы. У першую чаргу гэта, безумоўна, ўраджэнка Навабеліцы — Палута Бадунова. Чалавек надзвычайнай волі і рашучасці, які самаахвярна працаваў на ніве незалежнасці нашага роднага краю яна была адзінай жанчынай у першым урадзе БНР, дзе займала пасаду народнага сакратара бяспекі (прыкладна як міністр сацыяльнага забеспячэння сёння). Ейны подпіс стаіць пад Трэцяй Устаўной граматай, чаго няма нават у нашых суседзяў на іх актах аб незалежнасці дзяржаў.

paluta

Акрамя таго яна была сябрам ЦК БСГ, сакратаром ЦК Партыі беларускіх эсэраў, арганізатарам антыпольскага партызанскага руху ў 1919 годзе. Праз пераслед ёй давялося спазнаць і палітычную эміграцыю а пазней, паверыўшы ў новую беларускую дзяржаву — БССР вярнуцца на радзіму, дзе за яе дзейнасць і заслугі «аддзячаць» расстрэлам сталінскія каты падчас масавых рэпрэсій 1937-1938 гг.

paluta2

Неаднаразовыя спробы з боку грамадскіх актывістаў дамагчыся ўшанавання гэтай выбітнай жанчыны, што змагалася за незалежнасць Беларусі пакуль засталіся марнымі. Гомельскія ўлады не хочуць не абазначаць шыльдай месца, дзе ў Навабеліцы стаяў ейны дом. Ім бліжэй камуністычны функцыянер Георгі Дзімітраў, у гонар якога названая вуліца, дзе месціўся бацькоўскі дом Палуты. Застаецца толькі спадзявацца, што памяць Пелагеі Аляксандраўны Бадуновай нарэшце знойдзе сваё ушанаванне ў будучыні, у час, калі нашыя кіраўнікі і грамадства не будуць такімі глухімі да ўласнай гісторыі.

Свой унёсак у справу БНР зрабіў і Мітрафан Доўнар-Запольскі — чалавек дзясятка паспяховых прафесій — этнограф, фалькларыст, літаратуразнаўца, гісторык, архівіст, археограф, эканаміст і нават паспяховы прадпрымальнік. Гэты self made man з Усходняга Палесся ён актыўна падтрымліваў БНР, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918г .), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (кан. сакавіка 1918). У траўні-кастрычніку 1918-га ён удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

dounar zapolski

Па просьбе ўладаў БНР ён склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку і па-французску.

Менавіта дзякуючы кантактам між прадстаўнікамі БНР і УНР удалося наладзіць паспяховы гандаль прадуктамі і пазбегнуць голаду на нашай тэрыторыі ў 1918 г.

Можна прыгадаць і Майсея Гутмана, які паходзіў з Гомеля і з канца 1917 з’яўляўся сябрам Выканаўчага камітэту Рады Першага Ўсебеларускага з’езду. Ад 21 лютага 1918 г. ён быў прадстаўніком у Народным сакратарыяце БНР ад габрэйскай нацыянальнай мяншыні. У траўні 1918 быў сябрам дэлегацыі ў правах замежных перамоваў БНР. Менавіта ў ягоным доме была напісаная Першая Ўстаўная грамата БНР, і, як мяркуецца, пад ягонай рэдакцыяй.

Гэтыя факты маляўніча бураць уяўленні аб тым, што БНР была дзяржавай толькі для беларусаў. Стваральнікі першай беларускай дзяржавы задумвалі яе як дэмакратычную краіну, дзе свой шлях да лепшай долі будуць сумесна будаваць прадстаўнікі ўсіх народаў, што жывуць у ёй. Да станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы прыклалі руку і такія прадстаўнікі нашага рэгіёну як Язэп Няцецкі, Яўсей Канчар, Васіль Селіванаў і іншыя.

Лёс гэтых дзеячоў і гісторыю нашага роднага краю трэба вывучаць і надалей, бо ў ёй яшчэ хапае белых плямаў. Але можна з пэўнасцю сцвярджаць — Беларуская народная рэспубліка была не чужой для жыхароў Гомельшчыны, некаторыя з прадстаўнікоў якой унеслі вялізны ўнёсак у стаўнаўленне незалежнай Беларусі.

Як гомельскія чыноўнікі пайшлі супраць мінскіх

Як вядома святочныя ўрачыстасці з нагоды стагоддзя БНР у гэтым годзе знайшлі падтрымку з боку дзяржавы ў самых розных гарадах. Так у Брэсце, Гродна, Баранавічах, Лідзе і іншых населеных пунктах продуць канцэрты або публічныя святкаванні гэтага юбілея.

Гомельскія ўлады ў адказ на пытанне аб прадстаўленні пляцоўкі для правядзення святочнага канцэрту адказалі адмовай і не прапанавалі аніякіх альтэрнатыў.

tut maglo byt

Тут мог прайсці святочны канцэрт #БНР100, але гомельскія чыноўнікі вырашылі іначай

На афіцыйным узроўні тутэйшае чынавенства дэманструе сваю абыякавасць і ігнараванне гісторыі роднага краю. Можна назіраць нават грэблівае стаўленне да тых, хто імкнуўся да незалежнасці Беларусі. Магчыма тутэйшыя кіраўнікі сапраўды не падзяляюць гэтых каштоўнасцяў наогул і мараць апынуцца пад уладай іншых дзяржаў.

Хоць насамрэч мясцовыя чыноўнікі маглі выдатна скарыстаць сітуацыю на сваю карысць. Дзеля гэтага трэба было толькі дазволіць публічнае святкаванне і аказаць садзеянне ў яго арганізацыі. Калі на яго ёсць такі запыт з боку грамадскасці і падобныя ўрачыстасці праходзяць па ўсёй рэспубліцы, то дазвол ніяк бы не нашкодзіў.

У выніку гомельцы атрымалі б файнае гарадское свята, дзе можна было цікава пабавіць час, адчуўшы сябе адзіным народам, які падзяляе каштоўнасці тых, хто ствараў БНР — прагу да незалежнасці ўласнага краю. Чыноўнікам ад гэтага дасталіся б толькі падзякі, што не так часта бывае апошнім часам.

Пры гэтым яны нават не пайшлі б супраць дзяржаўнай лініі — у сталіцы Беларусі святкаванні дазволеныя нават у цэнтры горада каля аднаго з сімвалаў Мінска — Опернага тэатра!

Замест гэтага гарвыканкам праявіў баязлівасць, адсутнасць павагі да гісторыі ўласнай дзяржавы і абыякавае стаўленне да гараджан.

Стагоддзе БНР як магчымасць для яднання

Як паказвае гісторыя, такое ігнараванне грамадскіх настрояў, якое прадэманстраваў гомельскі гарвыканкам, як і размыітыя погляды на незалежнасць роднага краю не спрыяюць развіццю ніводнага грамадства. Пры такім падыходзе з боку нашых кіраўнікоў наша краіна будзе заставацца слабай і няўстойлівай, а ў перыяды крызісаў не здолее хутка адшукаць тыя базавыя каштоўнасці, на якія ёй трэба будзе абаперціся, пры адстойванні свайго права на існаванне.

Менавіта па гэтай прычыне я перакананы, што стагоддзе БНР не толькі круглая дата, а нагода адчуць сябе адным народам. Так, са складанай і рознай гісторыяй, але давайце не ігнараваць адно аднога, а размаўляць, дыскутаваць, вучыцца прыслухоўвацца адно да аднога. Усяго гэтага нам так бракуе ў штодзённасці!

sviata

Але ж тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя #БНР100 усё ж пройдуць у Гомелі. Афіша даступная для кожнага зацікаўленага.

Калі ж у вас засталіся пытанні ці вы маеце сваё меркаванне пра БНР і яе спадчыну, то прыходзьце 24 сакавіка на адмысловы гарадскі сход ад ГДФ. Яго тэмай будзе менавіта стагоддзе стварэння БНР і разам з гісторыкам Юрыем Глушаковым мы паспрабуем разабрацца ў складаных пытаннях шляху Беларусі да стварэння ўласнай дзяржавы. Мы адкажам на самыя складаныя і нязручныя пытанні, таму будзем радыя бачыць усіх.

afisha

Калі: 24 сакавіка, пачатак у 17:00

Дзе: Цэнтр беларускай мовы (вул. Працоўная, 7, непадалёк ад Вечнага агню)

Уваход вольны.

Да сустрэчы!

Жыве БНР!