Чаму на плошчы Леніна ў Гомелі не пабудавалі падземныя пераходы

У 2016 годзе жыхары Гомеля сутыкнуліся з нечаканай рэканструкцыяй вуліцы Кірава. Аб тым, што пачнуцца працы, паведамлялася загадзя. Але ніхто з гараджанаў не ўяўляў, якія канкрэтна адбудуцца змены. Тады ўсе падумалі: «Ну пакладуць новы асфальт, ды і ўсё».

У выніку будаўнічага прац, вул. Кірава змянілася да непазнавальнасці: з-за пашырэння праезджай частцы на ёй амаль не засталося дрэваў, ходнікі крытычна звузіліся, а месцаў для пераходу вуліцы стала меней. Усе гэтыя захады былі накіраваныя на тое, каб забяспечыць праезд як мага большай колькасці аўтатранспарту праз цэнтр гораду.

kiro1

У выніку рэканструкцыі Кірава ліквідаваны шэраг пешаходных пераходаў, а звыклы для гомельцаў маршрут перакрыты металічнымі агароджамі

Гэтая рэканструкцыя шмат каго засмуціла і нават раззлавала. Варта хаця б узгадаць, як першапачаткова з-за новых кальцавых перакрыжаванняў праз вуліцу не змаглі праязджаць маршрутныя аўтобусы-«гармонікі». Ужо зробленыя перакрыжаванні прыйшлося перарабляць. Тады да гомельцаў прыйшло разуменне, што інфармацыю пра горадабудаўнічыя планы варта адсочваць да таго, як на вуліцы выедуць экскаватары.

Новыя праекты, якія павінны былі зрабіць жыццё гараджанаў «яшчэ лепей», не прымусілі сябе доўга чакаць. У 2016 годзе былі анансаваны планы пабудаваць тры падземных пешаходных перахода на плошчы Леніна. У дзяржаўных СМІ даводзілася, што падземныя пераходы дапамогуць павысіць прапускную здольнасць дарог у цэнтры гораду, палепшаць экалогію і бяспеку. Пры гэтым тыя ж СМІ нічога не распавядалі пра альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы (напрыклад, будаўніцтва аб’язных дарог, якія даўно закладзеныя ў горадабудаўнічыя планы). Ці пра з’яўленне штучнага бар’еру для пешаходаў і раварыстаў пасля рэалізацыі праектаў.

Самае цікавае, што планы па будаўніцтву падземных пераходаў увогуле не павінны былі нарадзіцца. Уся тэрыторыя плошчы Леніна з’яўляецца ахоўнай зонай Палацава-паркавага ансамбля. У межах гэтай зоны забараняецца будаўніцтва новых збудаванняў. У выніку, будаўніцтва супярэчыла заканадаўству, ды яшчэ цягнула за сабой вялікія грашовыя выдаткі (ад 500 тысяч да 5 млн долараў за будаўніцтва аднаго падземнага перахода — такая лічба агучвалася ў дзяржаўных СМІ).

Планы па будаўніцтву трох падземных пераходаў на плошчы Леніна, так і засталіся планамі. Прынамсі, у апошніх афіцыйных адказах з гарвыканкаму яшчэ за 2017 год паведамлялася, што канчатковае рашэнне аб будаўніцтве так і не прынята. Чаму чыноўнікі не вырашыліся з гэтым пытаннем? На жаль, рэальныя прычыны яны не паведамлялі. Але, можна меркаваць, што на спыненне працэсу паўплывала грамадская актыўнасць.

Адразу, як з’явілася першая інфармацыя аб будаўніцтве падземных пераходаў на плошчы Леніна, была сфармаваная грамадская ініцыятыва «Вместе защитим зелёные улицы Гомеля». Яе прадстаўнікі мэтанакіравана адсочвалі сітуацыю вакол праблемы, здзейснілі шэраг захадаў супраць ператварэння плошчы ў суцэльную транспартную развязку.

За кошт чаго, ініцыятыва аказалася паспяховай:

Рэзананс

Адна з задач ініцыятывы была ў тым, каб распавесці пра праблему як мага большай колькасці гараджанаў. Былі задзейнічаны эксперты, якія даступнымі метадамі падрабязна тлумачылі ў незалежных СМІ ўсе плюсы і мінусы ад рэалізацыі праектаў. У выніку, праблема атрымала вялікі грамадскі рэзананс, яна шырока абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках, у каментарах пад артыкуламі.

Скаргі

Аб тым, што чыноўнікі не на словах збіраліся пабудаваць падземныя пераходы, сведчыла правядзенне афіцыйных таргоў на перадпраектную дакументацыю будучага праекту. Інфармацыя пра тэндар была выкладзена на сайце электронных закупак icetrade.by. За стварэнне перадпраектнай дакументацыі для будаўніцтва трох падземных пераходаў арганізацыі-пераможцы першапачаткова прапаноўвалася ўзнагарода ў памеры 87 мільёнаў беларускіх рублёў. Вядома, што тэндар выйграла невялікая арганізацыя з Мінску.

Дзякуючы своечасова знойдзенай інфармацыі аб тэндары, прадстаўнікі ініцыятывы напісалі шэраг скаргаў у пракуратуру і дзяржкантроль. У скаргах гомельцы звярталі ўвагу на тое, што бюджэтныя сродкі вылучаюцца на праект, які не можа быць рэалізаваны, бо будаўніцтва супярэчыць заканадаўству. У выніку, інфармацыя пра вылучэнне бюджэтных грошай была прыбрана з сайта icetrade.by. А арганізацыя, якая перамагла ў тэндары, рабіла перадпраектную дакументацыю за ўласныя сродкі.

Акцыі

Ініцыятыўнай групай было праведзена шэраг акцый супраць будаўніцтва: збіраліся подпісы супраць будаўніцтва падземных пераходаў, ладзіліся перформансы. Грамадская дзейнасць у гэтым кірунку стварала моцны ціск на чыноўнікаў. Адказам мясцовых уладаў на актыўнасць гараджанаў сталі артыкулы ў мясцовых дзяржаўных СМІ, у якіх даводзілася афіцыйная кропка гледжання на праблему.

kiro2

Перформанс на плошчы Леніна

Альтэрнатывы

«Крытыкуеце? То прапануйце лепшае!» — адзін з папулярных каментароў прыхільнікаў горадабудаўнічых рашэнняў чыноўнікаў. Канешне гараджане не абавязаны ствараць альтэрнатыўныя праекты. Для гэтага, як мінімум, патрэбныя незалежныя эксперты. Але якраз у сітуацыі, што склалася вакол падземных пераходаў, актывістам ужо было што прапанаваць.

Яшчэ ў 2015 годзе краязнаўцы разам са студэнтамі-архітэктарамі запусцілі ідэю аднаўлення на плошчы Леніна касцёла, які быў знішчаны ў 1940 годзе. Была створаная 3D рэканструкцыя касцёла. Ужо ў 2016 годзе студэнты стварылі альтэрнатыўны праект рэканструкцыі плошчы, на якой прапаноўвалі аднавіць касцёл, стварыць веласцежкі, надаць ёй больш грамадскіх функцый і г. д.

kiro3

kiro4

Плошча з падземнымі пераходамі

kiro5

Плошчы з адноўленым касцёлам

Пошук саюзнікаў сярод чыноўнікаў

Магло бы падавацца, што ў такіх пытаннях саюзнікаў сярод чыноўнікаў не можа быць. Але, як правіла, і ў гарвыканкаме знаходзяцца людзі, якія думаюць аб наступствах рэалізацыі шкодных праектаў. Такія людзі вельмі каштоўныя, бо ад іх можна своечасова атрымаць карысную інфармацыю. У пытаннях абароны плошчы ад падземных пераходаў прыхільнікі з гарвыканкаму і нават аблвыканкаму дапамаглі кансультацыямі, звярнулі ўвагу на некаторыя слабыя юрыдычныя моманты ў рэалізацыі планаў па будаўніцтву.

На сёння грамадскасць Гомеля паказала, што ўмее адстойваць свае правы ў сферы горадабудаўніцтва. Некаторы досвед ініцыятывы па абароне плошчы ад падземных пераходаў быў выкарыстаны жыхарамі гораду ў вырашэнні іншых праблем. Напрыклад, законы аб ахоўных зонах цэнтра Гомеля аказаліся карыснымі для жыхароў вуліц Карла Маркса і Арцёма. У 2017 годзе мясцовыя жыхары даведаліся, што ў раёне гэтых двух вуліц плануецца пабудаваць 2 шматпавярховых дома. Яны выступілі супраць і сваю пазіцыю аргументавалі тым, што будаўніцтва на гэтай тэрыторыі абмежавана законамі аб ахоўных зонах цэнтра гораду.

У той жа час, сёлета перад рэзананснай будоўляй двух прыбіральняў на набярэжнай Сажа быў страчаны момант, і абскардзіць гэтае рашэнне не атрымалася. Сітуацыя вакол гэтых будоўляў вельмі нагадвае тую, што склалася вакол плошчы Леніна. Прыбіральні аказаліся занадта дарагімі. Таксама існуе альтэрнатыўнае больш таннае і сучаснае вырашэнне праблемы (модульныя прыбіральні — аўтаматызаваныя з добрым дызайнам, іх можна пабачыць у гістарычных цэнтрах еўрапейскіх гарадоў; іх не трэба будаваць; іх абслугоўванне не патрабуе вялікіх выдаткаў). І самае галоўнае — будаўніцтва 2-х прыбіральняў адбылося ў зоне аховы ландшафту гістарычнага цэнтру Гомеля. Згодна пастанове міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 27.06.2011 № 24 «Об утверждении проекта зон охраны историко-культурных ценностей, расположенных на территории исторического центра г. Гомеля» на тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца новае капітальнае будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.

23 снежня ў рамках праекта «Гарадскія сходы ГДФ» адбудзецца Форум, прысвечаны развіццю Гомеля, удзелу грамадскасці і медыя ў дадзеным працэсе. На мерапрыемстве выступяць 9 экспертаў, сярод іх кіраўнікі ГМКОО «Талака», ТАА «ВелоГомель», партала «Моцныя навіны», сеткі кавярняў Coffee & Toast, а таксама госці з Брэста і Мінска — прадстаўнікі культурных, экалагічных арганізацый і іншыя.

Уваход бясплатны. Падрабязнасці на сайце мерапрыемства.